У гонар юбілею
У ДУА “Бараўскі ВПК ЯС-СШ” музейная справа працяглы час займае важнае месца ў выхаваўчым працэсе. Гэту трывалую традыцыю заснаваў у 1970-я гады былы дырэктар школы І. К. Каско. Краязнаўчая работа ў навучальнай установе ўзнялася на новы ўзровень, калі яе ўзначальваў Б. Ф. Савінаў. Сабраны тады факталагічны матэрыял узбагаціў экспазіцыі школьнага музея, што дазволіла яму атрымаць званне народнага.
Вывучэнне дакументаў мінулага краю падцвердзіла цікавы факт, які засведчыў, што Бараўская школа з’яўляецца адной са старэйшых у раёне. Пачаткам яе дзейнасці лічыцца 1865 год, калі пры Рудзіцкай Спаса-Прэабражэнскай царкве былі адкрыты некалькі класаў, якія давалі пачатковую адукацыю мясцовым хлопчыкам і дзяўчынкам. Каб палепшыць умовы для правядзення заняткаў, паны Яленскія пабудавалі за ўласныя грошы асобны драўляны будынак. Яго адкрыццё ў 1899 годзе стала кропкай адліку функцыянавання стацыянарнай школы. 100-гадовы юбілей гэтай падзеі быў урачыста адзначаны педагагічным калектывам ў 1999 годзе.
За перыяд шматгадовага існавання навучальная ўстанова ў Баравым неаднаразова мяняла профіль навучання. З царкоўна-прыхадской яна ператварылася ў народнае вучылішча, потым стала пачатковай, сямігадовай, а ў 1954 годзе атрымала статус сярэдняй. Перад Вялікай Айчыннай вайной бараўскім хлопчыкам і дзяўчынкам быў зроблены цудоўны падарунак – новая драўляная школа, а ў 1977 годзе яны справілі наваселле ў тыпавым цагляным двухпавярховым будынку. Пасля далучэння да школы дзіцячага садка яна ператварылася ў вучэбна-педагагічны комплекс. У новай якасці пачала працаваць і школьная бібліятэка, якая інтэгравалася з сельскай, стварыўшы агульны асяродак для правядзення культурна-масавай работы сярод насельніцтва.
Сур’ёзная даследчая работа па вывучэнню мінулага роднага краю, якая стала неад’емнай часткай музейнай справы, фактычна не пакінула “белых плямаў” у “Летапісе гісторыі Бараўской школы”. У ёй зноў адноўлены забытыя імёны кіраўнікоў і настаўнікаў, якія працавалі ў розныя гады ў навучальнай установе. Сярод іх, напрыклад, можна адзначыць імя Рыгора Лёсіка, брата вядомага беларускага навукоўца, акадэміка Язэпа Лёсіка. Яшчэ да рэвалюцыі ён выкладаў у Баравым рускую і беларускую мовы. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя некаторы час настаўнікам гісторыі працаваў аўтар шматлікіх выданняў пра Дзяржынскі раён Анатоль Іосіфавіч Валахановіч. Добрую памяць аб сабе пакінулі былыя кіраўнікі школы М. А. Даніленка, Б. Б. Банат, Р. І. Крывашэін, Я. І. Савіч, І. К. Каско, В. У. Бялькова, В. В. Ваўчок, якія ўжо пайшлі з жыцця.
Але прадметам асаблівага гонару педагагічнага калектыва з’яўляюцца былыя вучні. Падлічана, што са сцен школы выйшлі 1300 выпускнікоў. Сярод іх ёсць і адметныя асобы, якія дасягнулі значных вышынь у прафесійнай дзейнасці. Гэта першы намеснік старшыні выканаўчага камітэта СНД У. Г. Гаркун; доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік Л. В. Валадзько; доктар філасофскіх навук, прафесар А. І. Савасцюк; доктар мастацтвазнаўства, прафесар А. В. Сабалеўскі; вядомы беларускі паэт і пісьменнік С. П. Шушкевіч; кандыдат тэхнічных навук А. А. Чэча; пісьменнік і журналіст М. М. Акаловіч; кандыдат педагагічных навук, дацэнт А. І. Марэцкі і іншыя.
Аддаючы даніну павагі сваім былым калегам і вучням, педагагічны калектыў Бараўскога вучэбна-педагагічнага комплексу не мог абыйсці ўвагай і такую важную падзею, як 150-гадовы юбілей з дня заснавання навучальнай установы. З гэтай нагоды ў школе было падрыхтавана ўрачыстае мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі раёна, мясцовай улады і сістэмы адукацыі, шэфы, ветэраны-настаўнікі і былыя вучні. Праграма свята была складзена такім чынам, што ў ёй мінулае перамяжоўвалася з сучаснасцю, а ганаровыя госці ў цёплай сяброўскай абстаноўцы мелі магчымасць падзяліцца ўспамінамі і перадаць педагагічнаму калектыву шчырыя словы віншаванняў.
Менавіта ў такім фармаце прагучала выступленне вядомага палітычнага дзеяча, выпускніка школы 1963 года У. Г. Гаркуна. Ен належыць да пакалення дзяцей пасляваенных гадоў, таму з маленства яму давялося шмат працаваць па гаспадарцы. Але, па словах Уладзіміра Гіляравіча, неабходная дапамога бацькам не перашкаджала вучобе. У свабодны час ён шмат чытаў, менавіта мастацкая літаратура ў значнай ступені садзейнічала фарміраванню яго светапогляду. А яшчэ у юнацкія гады ён захапляўся футболам. Уладзімір Гіляравіч у сваім сямейным архіве захаваў і фотаздымак са школьнай футбольнай камандай. У працяг гэтай тэмы ён прынёс мяч, на якім прапанаваў усім удзельнікам мерапрыемства пакінуць свае аўтографы.
Пра неабходнасць захоўваць традыцыі навучальнай установы і на гэтых прыкладах вучыць сучаснае пакаленне дзяцей разважалі ў сваіх выступленнях былыя кіраўнікі школы Б. Ф. Савінаў і А. А. Федаровіч. Сваімі ўражаннямі пра школьныя гады падзяліўся навуковец, прафесар А. І. Марэцкі. А вядомы гісторык і журналіст А. І. Валахановіч прапанаваў прысвоіць школе імя былога выпускніка, першага залатога медаліста Анатоля Вікенцьевіча Сабалеўскага. У падтрымку гэтай ідэі выказаліся пісьменнік Яўген Адамовіч і выкладчык Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Леанід Акаловіч. Са словамі падзякі да настаўнікаў звярнулася выпускніца школы, а зараз галоўны рэдактар часопісаў “Маладосць” і “Бярозка” Святлана Дзянісава.
Пасля выступлення дырэктара школы С. У. Рубіса, у якім ён расказаў пра сучасныя накірункі дзейнасці педагагічнага калектыву, прыйшоў час афіцыйных віншаваняў. Яны прагучалі ад намес-ніка старшыні райвыканкама А. С. Чагана, першага намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Т. В. Апраніч, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму В. І. Матусевіча, старшыні абласнога камітэта галіновага прафсаюза М. М. Башко, старшыні райкама прафсаюза работнікаў асветы і навукі А. М. Ляўко, старшыні Бараўскога сельскага Савета А. А. Кананенкі, дырэктара ААТ “Баравое-2003” Р. І. Нікалаевіча, дырэктара Вялікасельскага ВПК ЯС-БШ В. Ч. Залуцкага і іншых. І як належыць па традыцыі, юбіляры атрымалі шмат падарункаў. Вялікая група настаўнікаў была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі.
Шмат прыемных уражанняў атрымалі ветэраны педагагічнага калектыву, якіх таксама запрасілі на свята. Сярод іх – былыя намеснікі дырэктара Г. В. Паўлючэнка і К. М. Герус, настаўнікі Т. С. Чаранок, В. І. Карачун, Д. В. Калечыц, Б. У. Шчарбіна, Т. А. Клепікава і іншыя. Для іх гэта была сустрэча з маладосцю, з лепшымі гадамі іх працоўнай дзейнасці.
А наогул свята падцвердзіла, што 150-гадовы юбілей установы адукацыі – гэта не толькі адзнака паважанага ўзросту, але і новая прыступка ў развіцці.
Віктар УРАНАЎ
Артыкул на сайце газеты "Узвышша"