У школу – на сустрэчу з аўтарам.
У мінулую суботу вучні Бараўской школы прыйшлі ў класы без падручнікаў і сшыткаў. Усе жыва абмяркоўвалі мерапрыемствы, запланаваныя на гэты дзень. Навучэнцы пачатковых класаў наведалі новую экспазіцыю Дзяржынскага гісторыка-краязнаўчага музея. Вучні ж 5-11 класаў прысутнічалі на прэзентацыі кнігі “Память о них – в сердцах живых” і цёпла сустрэлі аднаго з яе аўтараў, члена Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, былога дырэктара гэтай школы (1995 -2006гг.) Барыса Фёдаравіча Савінава.
Выданне ўбачыла свет напярэдадні 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Барыс Фёдаравіч з захапленнем распавядаў пра гэты творчы праект пад назвай “Белыя жураўлі”, а таксама пра яго асаблівасці і тое, як ён ствараўся.
З вялікай цікавасцю вучні слухалі аповед пра поўнага кавалера ордэна Славы Івана Сцяпанавіча Шмею. Барыс Фёдаравіч вельмі блізка ведаў гэтага цудоўнага чалавека і таму падзяліўся сваімі ўспамінамі.
Так сталася, што ў кнізе ёсць два артыкулы пра заслужаных ветэранаў Бараўской школы. Адзін з іх – Адам Іванавіч Анісовіч, выпускнік 1937 года, жыхар вёскі Петрашэвічы, які з’яўляўся выдатнікам народнай асветы, заслужаным работнікам культуры БССР. Дарэчы ён мае сваю імянную старонку ў кнізе “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”. Ён заўсёды быў доўгачаканым госцем у роднай школе.
У артыкуле “Воин с душой романтика” распавядаецца пра другога выпускніка – Мікалай Іванавіч Гармаза скончыў школу ў в.Баравое ў 1928 годзе. Ён прайшоў усю вайну і, вярнуўшыся ў родныя мясціны, стаў на чале пасляваеннага будаўніцтва новага жыцця. Паспяхова працаваў на адказных пасадах старшыні Дзяржынскага гарвыканкама і старшыні райспажыўсаюза.
Матэрыялы пра гэтых ветэранаў займаюць пачэснае месца і ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі.
Герой аднаго з артыкулаў – палкоўнік у адстаўцы Іван Васільевіч Жыбрык. У далёкія 30-я гады мінулага стагоддзя ён узначальваў калгас “Усход” у вёсцы Вялікае Сяло на тэрыторыі цяперашняга Бараўскога сельсавета. Ветэран узнагароджаны 7 баявымі ордэнамі і мае больш за 70 медалёў.
Хочацца выказаць словы падзякі аўтарам гэтай кнігі: Мікалаю Высоцкаму, Барысу Савінаву, Віктару Уранаву. Апошні, дарэчы, таксама калісьці працаваў у нашай школе. Дзякуй рэдакцыі раённай газеты “Узвышша” і раённай ветэранскай арганізацыі за выданне, якое, на маю думку, стане каштоўным матэрыялам у навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. А мы павінны захоўваць і абараняць памяць пра мінулую вайну.
Напрыканцы ўрачыстай сустрэчы-прэзентацыі Барыс Фёдаравіч пазнаёміў вучняў і настаўнікаў са сваімі новымі паэтычнымі зборнікамі “Как сердцу высказать себя” і “Зов Луны”, вершы з якіх у выкананні аўтара былі сустрэты апладысментамі прысутных. Удзячныя слухачы пажадалі аўтарудалейшых творчых поспехаў, даўгалецця і паднеслі яму букет вясновых кветак.
Б.Ф.Савінаў падараваў школе юбілейную кнігу аб ветэранах, а настаўнікам – зборнікі асабістых вершаваных твораў з аўтографамі.
Не памылюся, калі скажу, што гэты суботні дзень застанецца надоўга ў нашай памяці.
С.Я.Носка
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
P.S. Пасля сустрэчы з Барысам Фёдаравічам я неадкладна вырашыла пазнаёміцца з яго зборнікам “Зов луны”. Насамрэч, была ўражана. Колькі жыццёвых пытанняў пастае ў вершах! Які філасафічны сэнс, роздум, глыбіня пачуццяў закладзены ў паэтычных радках! Чытаючы іх, пачынаеш задумвацца над сэнсам чалавечага існавання, над тым, што зроблена, перажыта. Адказ у вершах аўтара: аснова ўсяго – “Земля, Солнце, Луна”.